Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Вольны час і сямейны адпачынак

Вольны час і сямейны адпачынак

Станаўленне і развіццё чалавека пачынаецца ў сям’і. Сям’я—гэта тое першае сацыяльнае асяроддзе, у якім дзіця засвойвае галоўныя маральныя якасці, атрымлівае першасныя веды і набывае асноўныя ўменні і навыкі дзейнасці і зносін, з якімі яно потым выходзіць у свет. Таму ўсё, што недададзена ў дзяцінстве, з вялікімі цяжкасцямі папаўняецца ў далейшым. І страты гэтыя ў значнай ступені з’яўляюцца вынікам таго, што ў сям’і адсутнічала сумесная дзейнасць у вольны час. Правільна арганізаваны адпачынак выконвае аднаўленчую функцыю.

Самыя яркія ўражанні ў дзяцей застаюцца ад сумесных паездак з бацькамі на адпачынак. Дзеці з задавальненнем расказваюць сваім сябрам пра тое, дзе былі, што бачылі, як збіралі грыбы і ягады, купаліся. Дзіця заўсёды мае патрэбу ў зносінах з іншымі людзьмі, у першую чаргу – з бацькамі.

Звычайна ў размовах з дзецьмі дарослыя часцей за ўсё закранаюць тыя тэмы, якія, з іх пункту гледжання, адпавядаюць узроставым інтарэсам малых: школьныя справы, сябры, настаўнікі. Сямейныя праблемы, па меркаванні бацькоў, асаблівай цікавасці для іх не ўяўляюць. Як паказваюць апытанні нават падлеткаў, яны сапраўды шмат чаго не ведаюць аб сваёй сям’і: ні радаслоўнай, ні дзе і кім працуюць бацькі, чым яны займаюцца ў вольны час, з чаго складаецца даход і якой працай ён дастаецца.

Важнае месца ў арганізацыі вольнага часу сям’і займаюць традыцыі і звязаныя з імі сумесныя справы. Яны запаўняюць вольны час і з’яўляюцца залогам шчасця і ўзаемапаразумення. У такой сям’і няма месца шкодным звычкам, адчужанасці, азлобленасці. У дзіцяці, якое расце на добрых традыцыях, паступова фарміруецца вобраз сям’і, які ён пранясе праз усё жыццё. І гэта залог таго, што дарослым ён створыць сваю сям’ю, якая заснавана на каханні, павазе адзін да аднаго і сумесных агульных справах.

Формы арганізацыі сямейнага вольнага часу вельмі разнастайныя. Гэта святы, наведванне музеяў, прагулкі, паходы, гульні і іншае. Задача бацькоў—усё метадычна граматна выкарыстаць.

Найбольш традыцыйным сямейным святам з’яўляецца дзень нараджэння. Дзеці, як правіла, з нецярпеннем чакаюць свой дзень нараджэння. Вельмі важна, каб ён запомніўся не толькі колькасцю падарункаў, але і цікавай арганізацыяй. Бацькам трэба памятаць, што дзень нараджэння дзіцяці—гэта яго свята. Значыць, усё, што будзе адбывацца, павінна дастаўляць задавальненне менавіта яму. Разам з дзіцём неабходна абмеркаваць падрыхтоўку да ўрачыстасці з улікам узросту, інтарэсаў, асаблівасцей характару, колькасці гасцей і ўмоў правядзення, скласці сцэнарый. Для гасцей, акрамя гульняў і забаў, трэба прыдумаць сувеніры і прызы, якія павінны быць уручаны кожнаму.

Вялікі ўплыў на дзяцей аказвае тое, як бацькі праводзяць вольны час у сваёй кампаніі. Калі гэта проста вечарынкі з застоллем, размовамі і анекдотамі, то яны асаблівай цікавасці ў малых не выклікаюць. Тым больш, што дзеці ў такіх выпадках часцей за ўсё прадастаўлены самі сабе. Калі ж дарослая кампанія арганізоўвае гульні, конкурсы, тэатральныя прадстаўленні сумесна з дзецьмі, то ўсё гэта імі можа быць выкарыстана ў далейшым у святах і ранішніках.

Калі ў сем’ях не надаецца патрэбнай увагі арганізацыі вольнага часу, у дзяцей фарміруюцца эгаізм, замкнутасць у асабістых інтарэсах. Таму бацькі павінны памятаць, што чалавек выхоўваецца не толькі і не столькі пад уздзеяннем пачутага або прачытанага, але,у большай меры, у працэсе асабістай дзейнасці.

Паважаныя бацькі! Любіце сваіх дзяцей, праводзьце з імі вольны час, абмяркоўвайце сямейныя праблемы. Дайце адчуць, што да іх думак вы прыслухоўваецеся. Дзеці—гэта сэнс нашага жыцця. Дык давайце рабіць так, каб яны былі шчаслівымі.

Раздзелы сайта